КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,
асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш. Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.
т. 7, с. 597
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)